Жыхарка Стоўбцаў атрымала паўтары гады «хатняй хіміі» за абразу супрацоўніка ДАІ

Дзявятага сакавіка ў судзе Стаўбцоўскага раёна суддзя Людміла Шуцько вынесла прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовай жыхаркі Вольгі Калкоўскай, абвінавачанай па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў), паведамляюць праваабаронцы.

09.03.2021 / 20:52

Крымінальная справа ў дачыненні да Вольгі была заведзеная за выказванне ў групе ў вайберы аб дзеяннях начальніка аддзела Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Стаўбцоўскага РАУС Дзмітрыя Воранава падчас разгону мірнай дэманстрацыі ў Стоўбцах у жніўні 2020 года.

Вольгу прызналі вінаватай у абразе супрацоўніка ДАІ і прысудзілі 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Таксама Вольга Калкоўская павінна выплаціць на карысць Воранава 1000 рублёў для кампенсацыі маральнай шкоды.