Пастар царквы «Новае жыццё»: Бог разваліў СССР, ён разваліць і гэтую сістэму

Мінская суполка хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» 9 сакавіка правяла «тэрміновую эвакуацыю» сваёй маёмасці з будынка Дома малітвы, з якога вернікаў прымусова выселілі 17 лютага.

10.03.2021 / 13:46

Вернікі моляцца каля зачыненай царквы 21 лютага. Фота Надзеі Бужан

Як паведамляецца на сайце царквы, вернікам далі толькі адзін дзень на тое, каб «забраць усё, што 19 гадоў яны стваралі ў храме на Кавалёва, 72». Прыхаджане, каля 60 чалавек, забралі ў тым ліку «мэблю, каштоўную праводку».

«9 сакавіка — яшчэ адна вяха ў гісторыі царквы, — цытуе сайт пастара царквы Вячаслава Ганчарэнку. — Яшчэ нядаўна гэта было вельмі ажыўленае месца. Тут было столькі радасці, веры і любові! Мы верым у Госпада, не прыкідваючыся. А сёння так сумна глядзець на тое, як дэмантуецца ўся гэтая прыгажосць і ператвараецца ў прытчу. Але гэта не значыць, што мы не вернемся сюды. Бог можа ўсё, ён можа зрабіць так, што мы зноў будзем валодаць гэтым месцам і гэтым будынкам. Цяпер жа наш будынак захоплены.

Ён будзе як каўчэг запавету ў філістымлян, які яны забралі, а потым вярнулі назад. Таму што каўчэг Божы ў гэтай біблейскай гісторыі стаў вялікім праклёнам для тых, хто яго захапіў. Богу кінуты выклік — і ён адкажа».

«Урэшце гэтая сістэма, якая змучыла беларускі народ і дакранулася да царквы, распадзецца. Бог разваліў СССР, ён разваліць і гэтую сістэму. Бог разбурыць усякую структуру, у аснове якой ляжыць жорсткасць, якая не мае міласэрнасці, спагады, любові, — такая структура нічога не варта, таму яна знікне. А народ Божы будзе добраславёны», — заявіў кіраўнік абшчыны.

Сілавікі выразалі дзверы і ўвайшлі ў пратэстанцкую царкву «Новае жыццё»

Силовики разрезали дверь и ворвались в протестантскую церковь «Новая жизнь» в минском Сухарево

Nashaniva.com