Мінчанку, якая схадзіла на тры маршы і пляскала ў ладкі, асудзілі на два гады хіміі

У судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска 19 сакавіка агучылі прысуд па справе Святланы Брацянковай, якую абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), паведамляе spring96.org.

19.03.2021 / 15:12

Суддзя Вольга Няборская падтрымала пазіцыю абвінавачання і пакарала жанчыну двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такі прысуд запрасіў пракурор Віктар Завадзіч падчас спрэчак бакоў. 

Нагадаем, паводле абвінавачвання Святлана Брацянкова прыняла актыўны ўдзел у некалькіх несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах — 16 жніўня, 23 жніўня і 6 верасня, дзе гучна пляскала ў ладкі, выходзіла на праезную частку і перашкаджала руху грамадскага транспарту па вуліцах Няміга, Валадарскага, Леніна, праспекце Незалежнасці, чым груба парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзянаў. Яе дзеянні былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Пра завядзенне крымінальнай справы даведалася з дасланага па пошце ліста. 

Сваю віну жанчына не прызнала. 

Nashaniva.com