Бела-чырвоную таблічку з назвай вуліцы на доме палічылі пікетам, за яе ў Іванаве будуць судзіць гаспадара

26 сакавіка прыблізна а 18:30 да жыхара горада Іванава Андрэя Дражына ў двор увайшлі шэсць чалавек: чацвёра сілавікоў у форме і двое ў цывільным, якіх назвалі панятымі. Прычынай візіту, як сцвярджалі міліцыянты, была «ананімка»: справа ў тым, што на прыватным доме Андрэя Дражына вісіць бела-чырвоная шыльда з назвай вуліцы і нумара дома. Гэты паказальнік гаспадар дома павесіў яшчэ ў 2015 годзе.

28.03.2021 / 18:15

Андрэй Дражын не пагадзіўся праводзіць агляд з панятымі, якіх прывяла міліцыя, а паклікаў дваіх суседзяў. З імі супрацоўнікі міліцыі і агледзелі дом, хлеў, гараж і лазню — ніякай забароненай сімволікі не знайшлі. Затым міліцыянты знялі таблічкі, на якіх лацінкай была напісаная назва вуліцы і нумары дома, бо, па іх словах, яны прыраўноўваюцца да адзіночнага няўзгодненага пікетавання. Затым мужчыну сказалі, што яму трэба праехаць у аддзел, каб паставіць подпіс, пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і павезлі ў РАУС. Але дадому Андрэй Дражын не вярнуўся, з пятніцы 26 сакавіка ён знаходзіцца ў ІЧУ.

Па словах сваякоў затрыманага, ён будзе знаходзіцца ў ІЧУ Іванаўскага РАУС да панядзелка, а ў панядзелак 29 сакавіка ў 10:00 пройдзе суд. Андрэй Дражын — бацька траіх дзяцей, двое з іх паўналетнія, а вось малодшаму сыну толькі 11.

Nashaniva.com