У дачыненні да настаўніка Свіслацкай школы распачалі крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку

Пракуратура Гродзенскай вобласці 24 сакавіка распачала крымінальную справу ў дачыненні да настаўніка сярэдняй школы ў Свіслачы за паклёп у дачыненні да прэзідэнта. 56-гадовы мясцовы жыхар, на думку пракуратуры, 20 жніўня на цэнтральнай плошчы выказваў на плошчы «ілжывыя і бяздоказныя асабістыя выдумкі», паведамляе Tut.by са спасылкай на Генпракуратуру.

31.03.2021 / 13:16

Мітынг у Свіслачы 20 жніўня 2020 года. Фота: vk.com/svisloch_city

20 жніўня на плошчы Карла Маркса ў Свіслачы праходзіў мірны мітынг. Тады ў цэнтры населенага пункта сабралася каля 50 чалавек. Людзі збіралі подпісы, каб у мясцовай раёнцы былі апублікаваныя пратаколы ўсіх выбарчых камісій, а таксама хацелі сустрэцца са старшынёй Свіслацкага райвыканкама.

Падчас мітынгу некаторыя выступалі перад прысутнымі.

Паводле версіі пракуратуры, 56-гадовы настаўнік мясцовай школы «наўмысна выказаў бяздоказныя, загадзя ілжывыя, ганебныя для кіраўніка дзяржавы асабістыя выдумкі, злучаныя з яго абвінавачваннем у асабліва цяжкім злачынстве».

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 367 КК — за паклёп у дачыненні да прэзідэнта.

Пакаранне — абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.