Ляжалі проста на дарозе. У Гомелі кампанія выпіла і пайшла ноччу здымаць відэа ў TikTok

28.04.2021 / 18:13

У Гомелі кампанія пасярод ночы вырашыла зняць відэа для «TikTok». Блогеры месцам здымкі выбралі праезную частку на адной з цэнтральных вуліц, дзе ў позні час сутак аўтамабілісты любяць паганяць, заўважаюць Моцныя навіны.

У ноч з 25-га на 26-га красавіка кампанія з траіх дарослых людзей (усім ад 31 да 33 гадоў) пасярод праезнай часткі на Савецкай здымала відэа для папулярнай сацсеткі «TikTok». На гадзінніку было прыкладна 3:20. Усе «блогеры» былі падпітымі, ляжалі на асфальце. На шчасце, у гэты час на дарозе не было машын, хоць у позні час аўтамабілісты па гэтай вуліцы любяць паганяць.

Праўда, на месца хутка прыехаў нарад ДАІ. З усімі трыма «тыктокерамі» правялі прафілактычную гутарку, на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху, паведамляе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.