«У рэчышчы падрыўных намаганняў». У МЗС Украіны адрэагавалі на прапанову Лукашэнкі калоць украінцам «Спутнік»

Спікер Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі адкрыць для ўкраінцаў на мяжы пункты вакцынацыі ад каранавіруса прэпаратам «Спутнік V». Нікаленка расцаніў гэту прапанову як падрыўную.

28.05.2021 / 22:51

Прадстаўнік МЗС Украіны сказаў, што інфармацыя аб магчымасці адкрыцця пунктаў вакцынацыі пакуль што гучыць на ўзроўні СМІ. Да ўкраінскага боку не паступала ніякіх афіцыйных лістоў. У МЗС нагадалі, што расійская вакцына не ўваходзіць у пералік прэпаратаў, якія зацвердзіла Міністэрства аховы здароўя Украіны, таму прывіваць ёю забаронена.

Больш за тое, расійская вакцына і размовы пра яе з'яўляюцца элементам гібрыднай вайны супраць Украіны. У прыватнасці, такой можа быць і заява Лукашэнкі, лічыць Нікаленка.

«Усе спробы ўвесці «Спутнік» ва ўкраінскі дыскурс раней пацярпелі паражэнне. Мы не выключаем, што паведамленне аб пунктах вакцынацыі на мяжы з Украінай ідуць у рэчышчы такіх падрыўных намаганняў», — сказаў спікер МЗС краіны.

Nashaniva.com