Кандыдатка ў канцлеры Германіі ад «зялёных» заклікала пашырыць санкцыі супраць Мінска за кошт нафтавага сектара

Санкцыі супраць Беларусі пасля захопу лайнера Ryanair і затрымання Рамана Пратасевіча неабходна распаўсюдзіць на нафтавы сектар краіны, упэўненая Аналена Бербок. Яна заклікае таксама спыніць «Паўночны паток — 2», піша DW.

31.05.2021 / 12:36

Кандыдатка на пасаду канцлера Германіі ад партыі «Саюз-90/«Зялёныя» Аналена Бербок (Annalena Baerbock) заклікала пашырыць санкцыі ЕС супраць беларускіх уладаў у сувязі з захопам самалёта Ryanair і затрыманнем Рамана Пратасевіча. Яна заявіла аб неабходнасці ўвесці штрафныя меры ў дачыненні да нафтавай галіны Беларусі.

«Нафтавы бізнэс з'яўляецца найважнейшай крыніцай. Таму ў першую чаргу неабходна распаўсюдзіць санкцыі, якія цяпер накіраваныя на асобных людзей, на нафтавыя аперацыі», — адзначыла яна. Разам з тым Бербок падкрэсліла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўтрымліваецца, перш за ўсё, «за кошт падтрымкі Крамля». Таму праект будаўніцтва газаправода «Паўночны паток — 2» з'яўляецца «такім цэнтральным геапалітычным пытаннем», адзначыла яна далей.

Адначасова лідарка «зялёных» абвінаваціла ўрад Германіі ў двайной стратэгіі ў дачыненні да Украіны. «З аднаго боку, яны кажуць, што падтрымліваюць санкцыі Еўрапейскага Саюза, з іншага боку, федэральны ўрад падтрымлівае газаправод «Паўночны паток — 2», які менавіта гэтыя санкцыі перакрэслівае», — заявіла яна і заклікала да адмовы ад ПП-2, жорсткага курсу ў дачыненні да Расіі, але працягу дыялога.

Nashaniva.com