Белы дом: Байдэн абмяркуе з Пуціным Беларусь і нормы грамадзянскай авіяцыі

У Белым доме паведамілі, што Байдэн мае намер абмеркаваць у Жэневе на сустрэчы з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным сітуацыю вакол дыпламатаў Расіі і ЗША, а таксама Беларусь, Украіну, Іран, КНДР, Сірыю, Афганістан, нормы грамадзянскай авіяцыі, перспектывы далейшага раззбраення і барацьбу са змяненнем клімату, піша ТАСС.

04.06.2021 / 21:03

«Мы таксама абмяркуем абмежаванні, якія Расія наклала на нашу дыпламатычную платформу ўнутры Расіі. На парадку дня таксама будуць такія тэмы, як Іран, Паўночная Карэя, Сірыя, Афганістан, Арктыка і змяненне клімату. Прэзідэнт таксама пацвердзіць нашу прыхільнасць суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, і мы будзем казаць пра Беларусь і неабходнасць захавання нормаў грамадзянскай авіяцыі, якія, як мы бачым, груба парушаліся ў апошнія тыдні», — распавёў старшы дырэктар па Расіі і Цэнтральнай Азіі Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Эрык Грын.

Байдэн таксама мае намер падняць пытанне аб будучых дамоўленасцях па кантролі над узбраеннямі, дадаў ён, адзначыўшы, што ЗША павінны працаваць з Расіяй па «ключавых выкліках у свеце» незалежна ад таго, падабаецца гэта Вашынгтону ці не.

Нагадаем, раней прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў паведамляў, што Пуцін не плануе падымаць тэму Беларусі на сустрэчы з Байдэнам, але гатовы даць тлумачэнні, калі ЗША самі закрануць гэтае пытанне.

Nashaniva.com