Качанава: Не ўсіх у свеце задавальняе наша стабільнасць і статус донара бяспекі

Не ўсіх у свеце задавальняе наша стабільнасць і міралюбная знешняя палітыка. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, паведамляе БелТА.

25.06.2021 / 19:26

«Сёння завяршае працу пятая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. У гэты перыяд наша краіна па-ранейшаму працягвае падвяргацца непрыкрытаму эканамічнаму і палітычнаму ціску, мэтанакіраванаму ўмяшанню ва ўнутраныя справы. Відавочна, што не ўсіх у свеце задавальняе стабільнасць і спакой у рэспубліцы, наша міралюбная знешняя палітыка, статус донара бяспекі і перамоўнай пляцоўкі», — сказала Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, дзеянні калектыўнага Захаду, накіраваныя перш за ўсё на дэстабілізацыю сітуацыі ў Беларусі, злом дзяржаўных асноў, увядзенне новых эканамічных санкцый у дачыненні да краіны, падрываюць асновы міжнароднага права.

«Гэта іх гістарычная памылка, за наступствы якой давядзецца расплачвацца еўрапейскаму рэгіёну. Яны ствараюць пагрозу для бяспекі ўсяго свету», — адзначыла спікер.