Двое дзяцей мігрантаў дастаўленыя ў рэанімацыю ў Літве: у Беларусі людзі ў масках нібыта далі па дзве таблеткі

Малалетніх дзяцей у рэанімацыю павезлі з Кабеляйскай заставы пасля таго, як у чацвер раніцай яны з бацькамі перайшлі мяжу Беларусі і Літвы. Бацькі сказалі літоўскім памежнікам, што перад пераходам дзецям далі заспакаяльнае. Па словах дарослых мігрантаў, таблеткі дзецям далі людзі ў масках, якія праводзілі нелегалаў да мяжы з Літвой, піша Delfi.

25.07.2021 / 13:32

У чацвер раніцай памежнікі Кабеляйскай заставы затрымалі ў Варэнскім раёне 11 грамадзян Ірака і 4 грамадзян Расіі (чачэнцаў). Усіх замежнікаў даставілі на заставу. На заставе дарослыя мігранты паведамілі, што іх дзеці дрэнна сябе адчуваюць. Дзеці былі млявымі, не маглі гаварыць. Памежнікі выклікалі хуткую. Лекары павезлі дзяцей у Алітускую лякарню і пакінулі ў рэанімацыі. Цяпер стан дзяцей ацэньваецца як стабільны, іх жыццю нічога не пагражае.

Nashaniva.com