Памятаеце гісторыю мігрантаў, якім дапамагла Беларусь? Яны ўжо ў Латвіі, расказалі пра свае прыгоды

У сярэдзіне жніўня беларускія памежнікі заявілі, што латвійскія калегі не дапамагаюць мігрантам з дзецьмі, што захраслі на латвійскай мяжы. На відэа пад пастом паказалі, як беларускія медыкі аглядаюць жанчыну і вязуць у бальніцу.

26.08.2021 / 14:38

Скрыншот відэа

Сайт Sargs.lv паразмаўляў з героямі гэтай гісторыі. Яны распавялі, што прыляцелі рэйсам са Стамбула і правялі ў беларускай сталіцы два дні.

Затым па іх прыехалі некалькі аўтамабіляў, якія павезлі сям'ю героя роліка і яшчэ 14 чалавек на беларуска-латвійскую мяжу.

Праўда, у Латвію іх не пусцілі латвійскія памежнікі, а назад не пускалі беларускія. Калі жанчыне стала блага, яе забрала хуткая і адвезла ў бальніцу.

Па словах мужа, на другі дзень яе выпісалі, а «чалавек ва ўніформе» забраў у іх пашпарты. Пазней невядомыя зноў адвезлі іх да беларуска-латвійскай мяжы.

У выніку сям'я ўсё ж трапіла ў Латвію, але мужчына зазначае, што заставацца ў ЕС не хоча. 

«Мы хочам вярнуцца дамоў», — кажа ён.