Грамадзянцы Расіі з Брэста далі паўтара года калоніі за паклёп на Лукашэнку

Суд Маскоўскага раёна Брэста сёння вынес прысуд па крымінальнай справе грамадзянкі Расіі Ірыны Вікхольм. Жанчыну, якая ўжо 10 гадоў жыве ў Брэсце, абвінавачвалі ў паклёпе па Аляксандра Лукашэнку.

20.09.2021 / 11:55

Да Ірыны прыйшлі 28 мая за твіт, які яна змясціла 23 мая. Спасылка была на перадрук матэрыялу Б-бі-сі пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, перахопленым у небе Беларусі. Яна перапосціла гэты матэрыял, суправадзіўшы сваім загалоўкам, паведамляе «Вясна».

Затым у жанчыны правялі ператрус, забралі ноўтбук, а саму змясцілі ў ІЧУ на 3 сутак. Пасля перавялі ў брэсцкі СІЗА, дзе яна была да 5 жніўня. Затым Вікхольм адправілі на экспертызу ў Мінск у РНПЦ псіхічнага здароўя.

На судзе Вікхольм заяўляла адвод суддзі, адвод дзяржабвінаваўцу, адмовілася ад прызначанага ёй адваката. На судзе жанчына заяўляла, што крымінальная справа ў дачыненні да яе відавочна мае палітычны матыў.

Сёння суддзя Яўген Брэган вынес прысуд: паўтара года калоніі агульнага рэжыму.