У Латвіі забаранілі георгіеўскую стужку

Сейм Латвіі ў чацвер зацвердзіў папраўкі да законаў аб сходах, шэсцях і пікетах і аб бяспецы публічных забаўляльных і святочных мерапрыемстваў, якія забараняюць выкарыстанне георгіеўскіх стужак на публічных забаўляльных і святочных мерапрыемствах, сходах, шэсцях і пікетах, паведамляе Delfi. 

11.11.2021 / 22:42

Раней старшыня камісіі па правах чалавека Артус Кайміньш заявіў, што, прымаючы пад увагу экспансію Расіі ва Украіне і таталітарную ідэалогію Расіі ў дачыненні да рэспублік былога СССР, у Латвіі ёсць падставы бачыць дастатковую пагрозу свайму дэмакратычнаму ладу і бяспецы. «Забарона георгіеўскай стужкі абмяжуе такія ідэалагічныя праявы. Мы павінны прадэманстраваць, што мы супраць выкарыстання гэтых стужак на публічных мерапрыемствах», — сказаў Кайміньш, дадаўшы, што не прымае каштоўнасці, якія сімвалізуе гэтая стужка, гэтак жа, як каштоўнасці пірацкага сцяга.

Цяпер закон аб бяспецы грамадскіх забаўляльных і святочных мерапрыемстваў і закон аб сходах, шэсцях і пікетах забараняе выкарыстанне, у тым ліку ў стылізаванай форме, сцягоў, гербаў і гімнаў былога СССР, яго рэспублік і нацысцкай Германіі, нацысцкіх свастык, знакаў СС і савецкіх сімвалаў — сярпа і молата з пяціканцовай зоркай, за выключэннем выпадкаў, калі мэта іх выкарыстання не звязаная з праслаўленнем таталітарных рэжымаў або апраўданнем учыненых злачынстваў.

Nashaniva.com