«Выдалілі з-за маёй грамадзянскай пазіцыі». Аляксандра Патліса перадумалі запрашаць на канцэрт памяці Мулявіна
Спявак Аляксандр Патліс быў запрошаны выступіць на канцэрце ў памяць пра Мулявіна, які плануецца ў студзені ў філармоніі. Але некалькі дзён таму даведаўся, што з палітычных прычын яго выкраслілі з праграмы.
19.11.2021 / 17:20
Фота з інстаграма Аляксандра Патліса
«Мяне выдалілі з-за маёй грамадзянскай і палітычнай пазіцыі. Хацеў выканаць песню «Малітва», — падзяліўся спявак у інстаграме.
Ён распавёў «Нашай Ніве», што запрашэнне на канцэрт атрымаў ад сяброў-музыкантаў. А калі ляжаў у бальніцы з каранавірусам, яны ператэлефанавалі і распавялі пра сітуацыю.
«Але песню я праспяваю. Бо пытанне не ў пляцоўцы, а ў маім стаўленні да вялікага музыкі і павазе да яго творчасці. З аўтарам музыкі «Малітвы» Алегам Моўчанам, які ўжо пакінуў наш свет, у мяне былі добрыя адносіны», — кажа Аляксандр.
Ён плануе выканаць песню і выкласці яе ў інстаграм.