Намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі раскрытыкаваў «залаты мільярд»

Намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Уладзімір Арчакоў у інтэрв'ю праграме «Еўразія. Даслоўна» на тэлеканале «Мір» адрэагаваў на абвінавачванні ў адрас Беларусі ў развязванні гібрыднай вайны, выказаўся на тэму санкцый, піша БелТА.

23.11.2021 / 11:29

Уладзімір Арчакоў зазначыў, што горкі вопыт кровапралітных і разбуральных войнаў, гонкі ўзбраенняў, балансавання свету на мяжы ўсеагульнай катастрофы хутка забываецца. Ён звязвае гэта з глабальнай канфліктнай канкурэнцыяй за ўсё - рынкі, рэсурсы, прадукты харчавання, прэсную ваду, капіталы, тэхналогіі і нават здароўе.

«Зразумела, што ў гэтых умовах так званы залаты мільярд — ЗША і Захад — спрабуе забяспечыць сабе нябеднае існаванне за кошт утаплення ўсіх астатніх у галечы, разрусе, войнах і хваробах.

Для гэтага вырашаецца цэлы комплекс задач. Напрыклад, палітычныя — па ўсім свеце ўстараняюцца або абезгалоўліваюцца непажаданыя палітычныя суб'екты, як іх цяпер прынята называць, рэжымы. У выніку ў свеце дамінуе выключна еўраатлантычны парадак дня», - адзначыў намеснік дзяржсакратара.

Таксама паводле слоў Арчакова, абвінавачванні ў адрас Беларусі і санкцыйная палітыка звязаныя з незалежным курсам краіны.

«У гэтым выпадку нас проста выхоўваюць за тое, што мы не дэградзіруем, каб дагадзіць гэтаму «залатому мільярду». Мы не дэмантуем і не разбураем дзеючыя электрастанцыі, рэнтабельныя вытворчасці, навуку, ахову здароўя, адукацыю і ўсё астатняе. Мы канкурэнтна прысутнічаем на сусветных таварных рынках. Мы не даём ператварыць краіну ў звалку адсталых тэхналогій, у экалагічную дзірку, крыніцу прымітыўнай, таннай, літаральна рабскай, рабочай сілы», - сказаў ён.

«Мы сябруем з Расіяй, Кітаем і арабскім светам. Таму нас не проста караюць. Захаду патрэбнае паказальнае бічаванне. Літаральна публічная кара», — падкрэсліў ён.

Nashaniva.com