Гарадзенцу далі паўтара года калоніі за тое, што сігналіў пратэстоўцам

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна абвясцілі прысуд па крымінальнай справе, звязанай з падзеямі 10 жніўня 2020 года. Дзмітрыя Горбача судзілі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляюць праваабаронцы.

03.12.2021 / 11:32

Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі.

Падставай для крымінальнай справы сталі падзеі 10 жніўня 2020 года. У той дзень Дзмітрый Горбач ездзіў каля абласной філармоніі і сігналіў.

На другі дзень, 11 жніўня, яго затрымалі, але неўзабаве адпусцілі. А некалькі месяцаў таму затрымалі зноў і ўзялі да суда пад варту.

Дзмітрый Горбач мае інваліднасць трэцяй групы.

Дзяржабвінаваўца запрасіў у суда для абвінавачанага 1,5 года калоніі. Суддзя столькі і прысудзіў.

Nashaniva.com