444 навагоднія ёлкі ў кватэры: здаецца, гэты немец пабіў сусветны рэкорд ФОТАФАКТ

Томас Яромін (Thomas Jeromin) з Рынтэльна, што ў Ніжняй Саксоніі, любіць Каляды і Новы год і паставіў у сваёй кватэры 444 аздобленыя шарыкамі і мішурой ёлкі.

07.12.2021 / 15:56

Прадстаўнік нямецкага Інстытута рэкордаў зайшоў у госці да 55-гадовага Томаса і яго жонкі Сюзаны, каб пераканацца ў тым, што ўсе заяўленыя на паперы штучныя дрэвы сапраўды ёсць у наяўнасці. У выніку калекцыя была прызнанаы новым сусветным рэкордам, піша Deutsche Welle.

У мінулым сезоне ў гэтай кватэры плошчай каля 100 квадратных метраў было ўстаноўлена 420 ёлак. Упрыгожванні мяняюцца кожны год. Па словах Томаса Яроміна, цяпер на ёлках пастаянна гарыць 47 тысяч лямпачак.

Акрамя проста ярка ўпрыгожаных, ёсць у калекцыі і тэматычныя елкі: напрыклад, з персанажамі з «Зорных войнаў» або з гумовымі качачкамі. Ёлкі з гарышча Томас заўсёды дастае загадзя — ужо 1 жніўня, бо, апроч іншага, трэба развесіць 72 тысячы шароў. Самая вялікая ёлка, памерам 3,50 метра, вісіць на столі.

Nashaniva.com