На Новы год аднаўляюцца набажэнствы ў Будслаўскім касцёле

31 снежня а 23-й гадзіне там пройдзе святая імша на заканчэнне года. Будуць набажэнствы і ў наступныя дні. Перапынак больш чым на паўгода быў звязаны з пажарам, што здарыўся ў нацыянальным санктуарыі 11 мая.

29.12.2021 / 21:35

Касцёл у Будславе. Фота: depositphotos.com / Віктар Малышчыц.

У Будслаўскі касцёл, які сёлетняй вясной моцна пацярпеў ад пажару, вяртаюцца набажэнствы.

31 снежня а 23-й гадзіне там пройдзе святая імша на заканчэнне года. Таксама пройдуць службы 1 студзеня на Урачыстасць Маці Божай і 2 студзеня апоўдні.

11 мая ў Будслаўскім касцёле здарыўся моцны пажар, у выніку якога ў храме абваліўся дах, а вада, што прымянялася пры тушэнні, пашкодзіла сцены, падлогу і мэблю. Кіраўніцтва Каталіцкай царквы ў Беларусі неадкладна звярнулася па фінансавую дапамогу да людзей.

Людзі адгукнуліся і сабралі больш за 1,1 мільёна рублёў. Апошнія 3 тысячы — на Калядным кірмашы, які прайшоў у мінскім касцёле Святога Роха некалькі дзён таму. 

Таксама шматлікія валанцёры дапамагалі ў разборы пасляпажарных завалаў і падчас будаўнічых работ.

1 130 160 рублёў — столькі сабралі на аднаўленне касцёла ў Будславе

Nashaniva.com