«Слуцкай каровай» забіты ўвесь Дагестан. А ў Слуцку яна ніколі не была

Слуцкі сыраробны камбінат у сваім афіцыйным акаўнце ў Instagram паведаміў, што масла пад ягонай маркай актыўна прадаецца ў Расіі. Але сам ён да гэтага прадукта ніякага дачынення не мае, піша kurjer.info.

26.01.2022 / 19:57

У пасце камбіната паведамляецца, што прадпрыемства выпускае масла пад гандлёвай маркай «Ясь Сыродел» 72,5% і 82,5% масай 20 кг, 180 г, 160 г.

Слуцкі сыраробны камбінат не мае афіцыйных дыстрыб'ютараў на тэрыторыі Расіі і не мае дачынення да масла «Слуцкая корова», «Ваминка», «Слуцкая буренка», якія выдаюцца за слуцкія.

У каментарах да паста людзі скардзіліся, што «ўвесь Дагестан запоўнены гэтым фальсіфікатам», наракалі, што фальсіфікатам труцяцца дзеці і выказвалі здагадку, што гэты прадукт фактычна робяць з маргарыну.

На ўпакоўках падробленых тавараў, якія прадаюцца далёка ад Беларусі, перадусім на поўдні Расіі, пазначаюцца сапраўдныя рэквізіты слуцкага прадпрыемства.

Беларуская прадукцыя мае ў Расіі імідж вельмі якаснай, таму яе нярэдка падрабляюць. Гэта толькі адзін са шматлікіх выпадкаў.

Nashaniva.com