Канабіс, каровы, кватэры. Як розныя дзяржавы стымулююць сваіх грамадзян вакцынавацца?

Некалькі дзён таму ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінцам, якія атрымаюць бустарную вакцыну ад кавіду, дадуць па 500 грыўняў (больш за 17 даляраў). Яны атрымаюць іх у дадатак да 1000 грыўняў (35 даляраў) за першыя дозы вакцыны. Гэтыя грошы ўкраінцы змогуць патраціць на кнігі, тэатр, спортзал ці кіно. Праграма з выплатай ужо паказала, што яна мае выключна станоўчыя наступствы. Фурор ва ўкраінскіх крамах, кінатэатрах, тэатрах відавочны, ён не толькі дае станоўчы імпульс культуры, але і падтрымлівае кніжныя крамы, выдавецтвы, аўтараў, установы культуры, якія пацярпелі ва ўмовах пандэміі. Падобныя праграмы былі і ў іншых краінах. Як дзяржавы стымулявалі сваіх грамадзян вакцынавацца?

30.01.2022 / 13:44

Сярод першых краін, якія раздавалі грошы вакцынаваным, была Сербія. За прышчэпкі там давалі па 25 еўра. 

У ЗША Джо Байдэн прапанаваў штатам, каб людзям выплачвалі па 100 даляраў за вакцынацыю. Але розныя штаты распрацоўвалі і ўласныя праграмы стымулявання вакцынацыі.

Напрыклад, у штаце Мэрыленд сярод вакцынаваных разыгрывалі латарэю з прызам 400 000 даляраў. У штаце Мэн людзям раздавалі бясплатныя ліцэнзіі на рыбалку і квіткі на бейсбол.

Штат Вашынгтон прапаноўваў бясплатны канабіс вакцынаваным асобам, старэйшым за 21 года. У Нью-Ёрку разыгрывалі латарэю з максімальным прызам 5 мільёнаў даляраў. Штат Агая праводзіў штотыднёвую латарэю, у рамках якой аднаму шчасліваму вакцынаванаму жыхару давалі 1 мільён даляраў. Сярод непаўналетніх разыгрываюць стыпендыі на навучанне ва ўніверсітэце. У Каліфорніі на выплаты вакцынаваным патрацілі 116,5 млн даляраў.

Латарэі разыгрывалі і ў канадскіх рэгіёнах. Напрыклад, у Квебеку разыгрывалі 2 мільёны даляраў, сярод якіх — галоўны прыз 1 мільён. 

Падобныя латарэі праводзяцца і ў Камбоджы.

У Ганконгу ўрад папрасіў прыватныя кампаніі разыграць прызы сярод вакцынаваных. Бясплатныя кватэры коштам 1,4 млн даляраў, прыватныя вечарынкі на самалёце A321neo, аўтамабілі Tesla, айфоны, безлімітныя «шведскія сталы», залатыя зліткі і гэтак далей. 

У Брытаніі моладзі за вакцыны прапаноўвалі бясплатныя паездкі на Uber і Bolt, квіткі ў кіно і дастаўку фаст-фуда. У сталіцы, Лондане, разыгрывалі квіткі на футбольны чэмпіянат Еўропы.

У Грэцыі моладзі раздавалі ваўчары на 150 еўра за першую дозу. Купоны можна выкарыстаць для падарожжаў, пражывання ў гатэлях або кемпінгах, наведвання канцэртаў, кінатэатраў і аплаты квіткоў на іншыя культурныя мерапрыемствы.

У Германіі ў некаторых гарадах у цэнтрах вакцынацыі раздаюць бясплатныя сасіскі. А ў Берліне ў цэнтрах вакцынацыі адбываюцца сапраўдныя рэйвы з дыджэямі. 

У Румыніі вакцынаваным прапаноўвалі бясплатныя кебабы, а кніжны магазін раздаваў бясплатныя кнігі і каву.

У Маскве сярод вакцынаваных разыгрывалі пяць аўтамабіляў штотыдзень. 

У Нідэрландах людзей пасля прышчэпкі частавалі марынаваным селядцом — мясцовым традыцыйным далікатэсам.

У аўстралійскім Мельбурне кінатэатры прапаноўвалі вакцынаваным бясплатны папкорн і чыпсы.

У адным з тайландскіх сельскагаспадарчых рэгіёнаў разыгрывалі 27 кароў — такім спосабам вакцынавалі палову насельніцтва. У Інданезіі робяць падобныя латарэі, але з куранятамі. Многія інданезійцы баяліся рабіць прышчэпкі: у мусульманскай краіне не ўсе былі ўпэўненыя ў іхняй халяльнасці. 

У Ліване Uber прапаноўваў дзве бясплатныя паездкі у адзін з цэнтраў вакцынацыі і назад. 

Нестандартныя меры для стымулявання вакцынацыі ажыццяўлялі і ў Кітаі. У розных рэгіёнах людзям давалі купоны на пакупкі і прадуктовыя ваўчары, курыныя крыльцы, сурвэткі, муку, грашовыя прызы і бясплатны ўваход у паркі.

У Балгарыі пенсіянерам 6 месяцаў пасля другой дозы даплачвалі да асноўнай пенсіі 43 даляры.

На ўскраіне сталіцы Філіпін Манілы сярод вакцынаваных разыгрывалі 25-кілаграмовы мяшок рысу. Ініцыятыва накіраваная на прыцягненне бяднейшых жыхароў, якім неабходны дадатковы штуршок для вакцынацыі.

У Індыі McDonald's прапаноўваў вакцынаваным кліентам зніжку 20%.

Ювеліры ў штаце Гуджарат выдавалі вакцынаваным жанчынам залатыя шпількі для носа.

Узнагарода ў абмен на прышчэпку можа здавацца дзіўнай ідэяй, але некаторыя медыцынскія даследчыкі лічаць, што такія стымулы могуць быць эфектыўным спосабам.

У артыкуле, апублікаваным у медыцынскім часопісе The New England Journal of Medicine, даследчыкі сцвярджаюць, што «існуе пэўная логіка ў прадастаўленні фінансавых стымулаў, якія могуць быць выкарыстаны для кампенсацыі ўскосных выдаткаў на вакцынацыю, уключаючы час, выдаткаваны на планаванне сустрэч ці паездкі; для кампенсацыі страчанага даходу для работнікаў з пагадзіннай працай».

Гэтыя выдаткі непрапарцыйна стрымліваюць людзей з нізкім узроўнем даходу ад вакцынацыі, і выплаты могуць гэта выправіць.

Паводле апытання Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Лос-Анджэлесе, каля траціны непрышчэпленых амерыканцаў заявілі, што гатовыя вакцынавацца ў абмен на 100 даляраў.

Матывуюць людзей і латарэі. Людзей прыцягваюць вялікія лічбы, і людзі не ўмеюць адэкватна ацэньваць шанцы.

Крытыкі мяркуюць, што самі па сабе такія ініцыятывы наўрад ці дапамогуць дасягнуць высокага ўзроўню вакцынацыі. Халява і фінансавыя стымулы, імаверна, спрацуюць для пэўных груп, якія вагаюцца і раней ўжо думалі пра вакцынацыю. Аднак у груп насельніцтва, прынцыпова настроеных супраць вакцынацыі, зацятых скептыкаў, фінансавыя стымулы могуць выклікаць лішнія падазрэнні і ўзмацніць асцярогі.

Гэтыя праграмы таксама не ліквідуюць пастаянныя прабелы ў інфармацыі і асвеце, праз якія некаторыя маргінальныя групы насельніцтва адмаўляюцца рабіць прышчэпкі. 

Чытайце таксама: «Столькі не было ніколі». У паліклініках робіцца нешта неймавернае, такі наплыў кавідных пацыентаў

Nashaniva.com