Новы спосаб прамывання мазгоў у Кітаі: 100 тысяч «практычных цэнтраў новай эры цывілізацыі»

Там спалучаюць аказанне паслуг і палітінфармацыі.

01.02.2022 / 20:12

Практычны цэнтр у Дачане. Фота: shbsq.gov.cn.

Кампанію па стварэнні «практычных цэнтраў новай эры цывілізацыі» запусцілі ў 2018 годзе. З таго часу больш за сто тысяч такіх устаноў з’явілася ў сельскіх і гарадскіх раёнах Кітая, піша chinafile.com.

У такіх цэнтрах і аказваюць бытавыя паслугі, і даюць магчымасць культурна праводзіць час, і, у адным пакеце з гэтым, праводзяць палітінфармацыі і тлумачаць «палітыку партыі». Канкрэтная праграма залежыць ад таго, у якім рэгіёне знаходзіцца кожны цэнтр.

Напрыклад, у багатым горадзе Гуанчжоў наведвальнікі цэнтраў могуць навучыцца асновам кулінарыі ў прафесійнага шэф-кухара, пазнаёміцца з апошнімі тэхналогіямі ў сферы дронаў і здзейсніць віртуальнае падарожжа па аб’екце для ачышчэння вады.

У беднай правінцыі Гуйчжоў цэнтры пасылаюць актывістаў вучыць сельскіх жыхароў, як правільна распараджацца грашыма.

Адзін шанхайскі цэнтр бясплатна рамантаваў людзям парасоны і гадзіннікі. У іншы раз гэтая ж установа прапаноўвала мясцовым жыхарам па бутэльцы алею і пачку пральнага парашку ўзамен за бустарныя прышчэпкі ад кавіду.

Чаму Кампартыя Кітая траціць столькі намаганняў на дзейнасць такіх цэнтраў? Праз іх пабудову партыя хоча паказаць народу, якая яна шчодрая, а заадно і павысіць свой рэйтынг. Тое, што магла б рабіць дзяржава, робіць партыя.

Аналагічныя ўстановы дзейнічалі ў эпоху Мао, там таксама адначасова і займаліся прапагандай, і аказвалі сацыяльныя паслугі. Ідэалагічны кантроль над розумамі кітайцаў за час пасля смерці Мао аслаб, і вось — з куфра выцягнулі старую сацыяльную тэхналогію.

Nashaniva.com