«Суддзя Н» і «суддзя К». У студзені рэгіянальныя суддзі спынілі палітычныя справы, бо адсутнічаў склад правапарушэння

Не паўсюль у Беларусі пад капірку пішуць палітычныя прысуды па адміністрацыйных справах. «Наша Ніва» знайшла прынамсі два выпадкі за студзень, калі суды прызнавалі невінаватымі беларусаў, на якіх былі складзеныя пратаколы па 19.11 КоАП «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка экстрэмісцкай прадукцыі». Абодва выпадкі адбыліся не ў сталіцы. 

03.02.2022 / 07:58

Фота ілюстрацыйнае

У сярэдзіне студзеня суддзя аднаго з раённых судоў «Н» (у судовых рашэннях цяпер не пішацца поўнае імя суддзі — толькі адна літара) спыніў палітычную адміністрацыйную справу ў дачыненні да салдата тэрміновай службы. 

У пратаколе было напісана, што ён падчас службы нібыта «захоўваў на сваім мабільным тэлефоне інфармацыйную прадукцыю, унесеную ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў […], а менавіта: два відэафайлы, захаваныя 15.08.2020 з тэлеграм-канала «Нехта» з мэтай распаўсюджвання». 

Паколькі ў пратаколе сказана, што салдат пражывае на тэрыторыі вайсковай часткі, то імаверна, пратакол на яго склалі яго ж камандзіры. Віны салдат не прызнаў. 

Але суддзя «Н» пастанавіў: «Спыніць справу ў дачыненні [да салдата] за адсутнасцю ў дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння. […] Мабільны тэлефон, адабраны пратаколам агляду, вярнуць». 

І гэта не адзіны выпадак з тых, якія нам удалося знайсці, калі суддзі праяўлялі справядлівасць. 

Так, у студзені ў адным з абласных гарадоў «суддзя К» разглядаў адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19 КаАП. 

«Пратакол складзены аб захоўванні інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай, з мэтай распаўсюджвання. Выслухаўшы тлумачэнні, даследаваўшы матэрыялы, прыходжу да высновы, што справу належыць спыніць у сувязі з недаказанасцю», — вырашыў «суддзя К» і таксама пастанавіў вярнуць грамадзяніну маёмасць — тэлефон. 

Чытайце таксама: Сышоў у адстаўку суддзя, які адмовіўся судзіць палітвязня па спушчаным зверху артыкуле. Падрабязнасці

Nashaniva.com