Deutsche Welle закрывае бюро ў Маскве

Напярэдадні канал атрымаў прадпісанне закрыць маскоўскае бюро да 9:00 у пятніцу. У гэты ж дзень журналісты Deutsche Welle, якія працуюць у Расіі, павінны здаць свае акрэдытацыі.

04.02.2022 / 15:46

Маскоўскае бюро нямецкага тэлеканала Deutsche Welle закрылася пасля пастановы расійскіх уладаў спыніць яго вяшчанне, гаворыцца на сайце канала.

Пазней у пятніцу будуць адкліканыя акрэдытацыі журналістаў, удакладняецца ў паведамленні.

Бюро атрымала апавяшчэнне аб закрыцці напярэддадні, яму было загадана спыніць працу да 9:00 4 лютага. «Мы ўзрушаныя. Для ўсіх нас тут гэтая навіна вельмі асабістая <…>», — заявіў кіраўнік маскоўскага офіса Deutsche Welle Юрый Рэшата.

Увечары ў чацвер журналістам Deutsche Welle закрылі допуск у Дзярждуму па даручэнні яе старшыні Вячаслава Валодзіна.

Генеральны дырэктар тэлеканала Петэр Лімбур назваў пастанову расійскіх уладаў незразумелай і празмернай мерай. «Мы афіцыйна пратэстуем супраць гэтай абсурднай рэакцыі расійскага ўрада і прымем юрыдычныя дзеянні, каб аспрэчыць абвешчаныя меры», — заявіў ён.

Nashaniva.com