Беларускія клубы не будуць удзельнічаць у хакейнай Лізе чэмпіёнаў «з-за непрадказальнай сітуацыі ў краіне»

Беларускія клубы ў гэтым годзе не будуць запрошаныя для ўдзелу ў хакейнай Лізе чэмпіёнаў, паведамляецца на афіцыйным сайце спаборніцтваў.

04.02.2022 / 17:38

Савет Лігі, аргументуючы сваё рашэнне, адзначыў: 

«У сувязі з непрадказальнай сітуацыяй у краіне ўдзел каманды з Беларусі ў Лізе чэмпіёнаў на гэты момант будзе занадта рызыкоўным для ўсіх зацікаўленых бакоў. Асабліва пастаянныя збоі ў палётах робяць немагчымым своечасовае планаванне».

Арганізацыя лічыць, што:

«Для такога агульнаеўрапейскага спаборніцтва, як Ліга чэмпіёнаў, абавязковай умовай з'яўляецца тое, каб каманды, заўзятары, афіцыйныя асобы, спонсары, партнёры і пастаўшчыкі паслуг маглі надзейна падарожнічаць і заставацца ў бяспецы. На жаль, у цяперашні час гэта не адносіцца да паездак у Беларусь і назад».

Але пры гэтым «Беларусь застаецца паважаным партнёрам, і дзверы для будучага супрацоўніцтва застаюцца адчыненымі».

Nashaniva.com