Расійская марская пяхота знішчыла «гарадскіх тэрарыстаў» падчас вучэнняў ля Баранавічаў

Вайскоўцы Беларусі і Расіі адпрацавалі выяўленне і знішчэнне незаконных узброеных фармаванняў ва ўмовах гарадской забудовы падчас сумесных вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» на палігоне Абуз-Лясноўскі.

10.02.2022 / 10:26

На палігоне Абуз-Лясноўскі падчас вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» падраздзяленні марской пяхоты Усходняй вайсковай акругі Расіі «адпрацавалі выяўленне, блакаванне і знішчэнне незаконных узброеных фармаванняў ва ўмовах гарадской забудовы». На палігоне былі абсталяваныя аб'екты, якія імітуюць гарадскія будынкі і збудаванні, паведаміла Мінабароны Расіі.

Акрамя таго, вайскоўцы адпрацавалі выяўленне патэнцыйных месцаў ўстаноўкі пастак і самаробных выбуховых прылад, схаванае перасоўванне ў складзе груп.

Напрыканцы марская пяхота выканала баявыя стрэльбы. 

Вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022» праходзяць з 10 па 20 лютага на пяці палігонах Беларусі.

Nashaniva.com