УЕФА збіраецца разарваць партнёрства з «Газпрамам», хоць яно і прыносіла штосезон дзясяткі мільёнаў еўра

Асуджаюць Расію нават найбольш карумпаваныя і залежныя ад яе сферы. Напрыклад, спартыўныя арганізацыі.

26.02.2022 / 11:04

Фота: Michael Sohn, AP

УЕФА хоча разарваць партнёрства з «Газпрамам» і шукае варыянты яго спынення, піша Financial Times.

Па словах крыніцы, лагатып «Газпрама» больш не будзе адлюстроўвацца, калі ў наступным месяцы адновяцца матчы Лігі чэмпіёнаў. Партнёрства «Газпрама» з УЕФА пачалося ў 2012 годзе.

Паводле ацэнкі даследчай групы SportBusiness Sponsorship, здзелка прыносіла УЕФА каля 40 млн еўра за сезон з 2018 па 2021 год. «Газпрам» ад каментароў адмовіўся.

Раней УЕФА перанесла фінал Лігі чэмпіёнаў з Санкт-Пецярбурга ў Парыж пасля ўмяшання прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Ён пацвердзіў, што стадыён «Стад дэ Франс» у Парыжы цяпер будзе прымаць мерапрыемства 28 мая.

Таксама ў пятніцу «Манчэстэр Юнайтэд» спыніў партнёрства з расійскай авіякампаніяй «Аэрафлот».

Нямецкі футбольны клуб FC Schalke 04 заявіў у чацвер, што прыбярэ лагатып «Газпрома» са сваіх футболак.

Формула-1, гоначная серыя, якая належыць амерыканскай групе Liberty Media, у пятніцу адмяніла будучую гонку ў Расіі, заявіўшы, што «немагчыма правесці Гран-Пры ў Расіі ў цяперашніх абставінах».

Nashaniva.com