Дэмакратычныя сілы расказалі, што за дэкларацыю збіраюцца накіраваць украінскім уладам

Дэмакратычныя сілы збіраюцца накіраваць украінскім уладам дэкларацыю аб прынцыпах узаемадзеяння паміж беларускім і украінскім народамі.

27.02.2022 / 14:15

З такой прапановай выступіў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

У дакуменце ад імя беларускага народа і пераходнага кабінета збіраюцца заявіць, што лічаць агрэсію супраць Украіны міжнародным злачынствам з боку рэжымаў Беларусі і Расіі, выказаць салідарнасць з барацьбой Украіны і гатоўнасць выкарыстоўваць усе механізмы для аднаўлення міру. 

Таксама прапішуць, што Беларусь і Украіна з’яўляюцца дружалюбнымі і братэрскімі краінамі, якія не маюць гістарычных прыкладаў ваенных канфліктаў паміж сабой.

У дэкларацыі адзначаць, што Лукашэнка зрабіў краіну саўдзельніцай агрэсіі, тым самым былі груба парушаныя нормы нацыянальнага заканадаўства і міжнародна-прававыя абавязацельствы (у прыватнасці палажэнні дамовы аб сяброўстве паміж Беларуссю і Украінай ад 1995 года).

Святлана Ціханоўская падтрымала прапанову.

«У мяне прамога кантакту з Уладзімірам Зяленскім цяпер няма. Мы камунікуем з набліжанымі да яго людзьмі. І думаю, дэкларацыю, якую мы адправім, украінцы пачуюць», — сказала яна.

Nashaniva.com