Польскі гандбаліст, што гуляў за брэсцкі клуб: Я не вярнуся ў Беларусь

Павел Пачкоўскі — гулец беларускага гандбольнага клуба «БГК Мяшкоў», якога брэсцкі калектыў арэндаваў у польскага Łomża Vive. Пачкоўскі збіраўся заставацца ў Беларусі да канца сезона 2022/2023, але цяпер ён шукае спосаб скасаваць кантракт з БГК.

02.03.2022 / 17:27

Фота: FRANCE HANDBALL 2017.

Пачкоўскі распавёў, што 1 сакавіка ён прыехаў з Беларусі ў Польшчу. Гульцу было цяжка заставацца ў нашай краіне праз палітычную сітуацыю. Беларусь, як кажа Пачкоўскі, актыўна ўцягнутая ў вайну з Украінай, і гэта дадаткова нагнятала атмасферу, піша kielcehandball.pl.

У выніку праз некалькі дзён пасля пачатку вайны Пачкоўскі вырашыў скасаваць свой кантракт з «БГК Мяшкоў» і з’ехаць з Беларусі.

Гулец падкрэслівае, што калі ён прымаў такое рашэнне, для яго сярод іншага меў значэнне маральны аспект працягу кар’еры ў Беларусі. 

У нашай краіне Пашкоўскага вельмі ўразіла палітыка беларускіх дзяржаўных медыя. Ён назваў назіранне за імі «балючым для мозга», а інфармацыю ў такіх медыя — нелагічнай і абсалютна аддзеленай ад рэальнасці.

Гулец згадаў аднаго з калег па камандзе, чыя бабуля нават не ведае, што Расія напала на Украіну, бо пра вайну проста не кажуць у дзяржаўных медыя.

Nashaniva.com