Аналена Бербак: НАТА не пойдзе на закрыццё паветранай прасторы над Украінай, таму што адказвае за жыцці еўрапейцаў

Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак заявіла ў эфіры германскага тэлеканала ARD, што закрываць паветраную прастору над Украінай сіламі НАТА яна не лічыць патрэбным.

07.03.2022 / 04:15

Паводле яе слоў, закрыццё будзе азначаць уступленне НАТА ў ваенны канфлікт з Расіяй, што паставіць пад пагрозу жыццё мільёнаў еўрапейцаў:

«Гэта азначала б, што самалёты НАТА будуць абстрэльваць расійскія самалёты, гэта азначала б непасрэдны ўдзел НАТА ў канфлікце… у нас ёсць адказнасць за абарону ўласнага насельніцтва».

Уладзімір Зяленскі рэзка раскрытыкаваў гэта рашэнне. На яго думку, краіны НАТА самі стварылі наратыў, нібыта закрыццё неба над Украінай справакуе прамую агрэсію Расіі супраць альянсу:

«Гэта самагіпноз тых, хто слабы і не ўпэўнены ўнутрана… Пра што вы думалі на тым пасяджэнні? Усе людзі, якія памруць з гэтага дня, загінуць таксама і з-за вас. З-за вашай слабасці», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Nashaniva.com