У Расіі ўзніклі праблемы з чэкавай паперай

Адно з нечаканых наступстваў санкцый: у расійскага бізнэсу пачаліся праблемы з чэкавымі стужкамі, папера для іх вельмі падаражэла і пачала знікаць у пастаўшчыкоў.

09.03.2022 / 11:46

Кіраўнік аптэчнай сеткі «Рыгла» Аляксандр Філіпаў распавёў «Ведомостям», што чэкавая стужка падаражэла ў 3,6 раза, да 250 расійскіх рублёў за рулон (2,2 даляра па сённяшнім курсе). Яе запасы ўжо скончыліся ў двух з чатырох пастаўшчыкоў, перспектывы адгрузак незразумелыя. Наяўнасць аналагічных праблем пацвярджаюць і ў іншых аптэках і гандлёвых сетках. «Магніт», напрыклад, мае намер скараціць аб'ём дадатковай інфармацыі на чэках і паскорыць пераход на электронныя чэкі.

Большую частку паставак у Расію тэрмапаперы для чэкавых стужак забяспечвала Нямеччына — 60-70%, але цяпер з двух нямецкіх пастаўшчыкоў сыравіны — Koehler і Mitsubishi Paper Mills — застаўся толькі апошні, але і ён зрэзаў адгрузку ўдвая.

Паўднёвакарэйская Hansol Paper і фінская Jujo Thermal Kauttua таксама спынілі адгрузкі тэрмапаперы.

Пастаўкі працягваюць ісці з Кітая, але з мінулага года кошт дастаўкі грузаў адтуль вырас у разы.

Nashaniva.com