Украінка згубіла ў Львове кошку. Жывёла знайшлася праз два тыдні

Ліпучка, так завуць кошку, згубілася на львоўскім вакзале, калі разам з гаспадарамі з Харкава ўцякала ад вайны. Праз два тыдні яе падабрала мясцовая валанцёрка, паведамляе выданне Segodnya.

26.03.2022 / 14:17

Іх кранальную сустрэчу на відэа зняла львавянка Галіна, у якой сем катоў і якая падкормлівае яшчэ і дваровых. Так яна і знайшла згубленую Ліпучку.

«З-пад машыны выйшла кошка, і яна была настолькі галодная, што калі ўбачыла ежу, кінулася і пачала есці», — распавядае львавянка Галіна Мончак.

Жанчына кажа, што адразу зразумела, што кошка хатняя. Сфатаграфавала яе і напісала ў сацсетках. А потым у адной з груп знайшла аб'яву харкаўчанкі Ірыны, якая шукала такую кошку. Кошка, як аказалася, згубілася на львоўскім вакзале, куды з гаспадарамі прыехала эвакуацыйным цягніком з Харкава.

Спалоханую і галодную жывёлу знайшлі праз два тыдні. Ад чыгуначнага вакзала адышла недалёка. Але гаспадыня кошкі да таго часу са Львова ўжо пераехала — на Жытоміршчыну. Аднак адразу прымчалася па яе пасля званка валанцёркі.

Па словах Галіны, гаспадыня кошкі дабіралася машынамі, каб забраць жывёлу.

«Мы сустрэліся. Усе плакалі. Кошка яе пазнала», — распавяла яна.

«Я ехала праз Роўна і ва ўсіх было такое пытанне: «У цябе пародзістая кошка». Кажу — ды не, звычайная, але яна ўсё роўна яна мая, родная», — распавяла дзяўчына.

Nashaniva.com