Financial Times: Расія гатовая адмовіцца ад большасці сваіх патрабаванняў да Украіны, акрамя неўступлення ў НАТА

Газета Financial Times піша са спасылкай на чатырох чалавек, праінфармаваных аб ходзе расійска-ўкраінскіх перамоў аб спыненні агню, што Расія гатовая адмовіцца ад большасці патрабаванняў, з якіх яна пачала вайну.

28.03.2022 / 22:53

Падчас аднаго з раўндаў перамоваў.

Расія нібыта працягвае настойваць толькі на адмове Украіны ад планаў уступіць у НАТА, неразмяшчэнні вайсковых базаў трэціх краін на ўкраінскай тэрыторыі і на гарантыях, што Украіна не будзе спрабаваць стварыць ядзерную зброю.

У той жа час Масква, са слоў крыніц FT, гатовая пагадзіцца на ўступленне Украіны ў Еўрасаюз і на шматбаковыя гарантыі бяспекі Украіне з боку большасці многіх магутных у вайсковых адносінах дзяржаў, уключаючы ЗША і Вялікабрытанію.

Ні «дэмілітарызацыя», ні «дэнацыфікацыя», ні гарантыі статусу рускай мовы ў праекце пагаднення не значацца, піша выданне.

Пытанне аб статусе Крыма і Данбаса прапануецца вырашаць шляхам прамых перамоў паміж Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім, піша Financial Times.

Пры гэтым член украінскай дэлегацыі Давід Арахамія расказаў газеце, што гарантыі бяспекі Украіны, якія, на думку аўтараў пагаднення, павінны ратыфікаваць Расія, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Францыя, Германія, Італія, Польшча, Турцыя і Ізраіль, «блізкія да 5-га артыкула» Паўночнаатлантычнай дамовы, па якой усе члены альянса абавязваюцца абараняць любую з саюзніц, якая стала ахвярай агрэсіі трэцяй краіны.

Чарговыя перамовы расійскай і ўкраінскай дэлегацый павінны прайсці ў аўторак у Стамбуле.

Пры гэтым украінскія і заходнія дыпламаты не давяраюць Расіі і дапускаюць, што за нібыта гатоўнасцю да саступак хаваецца жаданне выйграць час і перагрупаваць ды папоўніць сілы для новага наступлення. 

Nashaniva.com