Страты Украіны ад вайны — $1 трыльён даляраў

Страты Украіны ад вайны — з улікам як ужо існуючых разбурэнняў, так і будучых — перавысяць 1 трыльён даляраў, заявіў прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.

29.03.2022 / 15:00

Фота: AP

У гэтую лічбу ўваходзяць прамыя разбурэнні — масты, дарогі, будынкі, а таксама страты ўкраінскай эканомікі — падзенне ВУП, недаатрыманы прыбытак і не ўкладзеныя інвестыцыі. Сюды ж уваходзяць страты дзяржавы ў выніку змяншэння ВУП.

«Да вайны ў нас былі планы, як будзе расці наша эканоміка. Цяпер прадпрыемствы, якія павінны прыносіць дзяржаве даходы, разбураныя. Таму пасля вайны, вядома, будзе істотная карэкціроўка», — сказаў ён.

Шмыгаль ацаніў падзенне ВУП Украіны ў 2022 годзе на бягучы момант у 35% і больш.

Гэты падлік пакуль экспертны, для дэталёвага падліку створаны спецыяльны рэестр страчанай маёмасці — кожны жыхар Украіны зможа зарэгістраваць шкоду, прычыненую яго маёмасці.

Nashaniva.com