Амерыканскі чыноўнік: Пуцін адарваны ад рэальнасці, дарадцы хаваюць ад яго праўду

У ЗША мяркуюць, што дарадцы Уладзіміра Пуціна перадаюць яму скажоную інфармацыю пра дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне і пра ўплыў санкцый на расійскую эканоміку, паведамляе CNN са спасылкай на крыніцу з уладных колаў.

30.03.2022 / 17:49

Уладзімір Пуцін.

«Мы лічым, што Пуцін дэзынфармаваны сваімі дарадцамі адносна таго, наколькі дрэнна дзейнічаюць расійскія ўзброеныя сілы і наколькі моцна расійская эканоміка церпіць ад санкцый, таму што яны надта баяцца сказаць яму праўду», — заявіў амерыканскі чыноўнік.

Ён таксама дадаў, што ў ЗША ёсць інфармацыя, якая сведчыць пра тое, што Пуціну стала вядома пра дэзынфармацыю. Гэта прывяло да канфлікту паміж Пуціным і вышэйшым кіраўніцтвам у абароннай сферы.

Чыноўнік сказаў, што Пуцін нібыта не ведаў, што ягоныя ўзброеныя сілы «выкарыстоўваюць і губляюць прызыўнікоў ва Украіне, што сведчыць пра відавочнае парушэнне паступлення дакладнай інфармацыі прэзідэнту Расіі».

Nashaniva.com