«Жанчына гатавала ежу, убачыла рускіх і пабегла ў пад'езд — яе забілі праз дзверы». Споведзь жыхароў Бучы

2 красавіка расейскія вайскоўцы пачалі адступаць з Бучы Кіеўскай вобласці. Гэта адзін з гарадоў, дзе вяліся самыя жорсткія баі. Калі Бучу вызвалілі, журналістам адкрылася страшная карціна: вуліцы былі ўсеяныя целамі забітых мірных жыхароў, у тым ліку жанчын і старых, у кагосьці пры гэтым рукі былі звязаныя за спінай, некаторыя загінулі ад стрэлаў у патыліцу. The Insider пагаварыў з жыхарамі Бучы, і яны распавялі, як расійскія вайскоўцы расстрэльвалі выпадковых мінакоў, рабавалі дамы і не давалі з'ехаць.

03.04.2022 / 22:28

Крысціна

Гэта былі страшныя дні. Калі ні твой двор, ні твой дом, ні нават тваё жыццё табе не належаць. Няма святла, вады, газу. Выходзіць забаронена, калі выйдзеш — расстрэльваюць. У наш двор заехала варожая тэхніка. 5-га сакавіка выбілі вокны, уварваліся і забралі тэлефоны. 6-га забралі тату і мужа на допыт. Знайшлі перапіскі і званкі ў тэрабарону (мы спрабавалі з'ехаць і хоць крыху даведацца пра сітуацыю). Яны глядзяць усё: пасты, телеграм-каналы, і калі ты пісаў нешта, што ім не спадабаецца, — табе смерць.

Вакол хаты расстрэльваюць людзей, якія ж гэта страшныя гукі. Нават страшней за гук бомбы. Толькі сядзіш у склепе і молішся, каб вярнулі родных. Нам пашанцавала, трапіўся камандзір, які любіць дзяцей, і ведаючы, што мая трохгадовая дачка ў падвале, загадаў перагнаць тэхніку і не палохаць дзіця. Прынеслі ежу, ваду, прысмакі для малых. Нашых мужчын вярнулі, даказаць іх віну не змаглі.

Перад гэтай групай вайскоўцаў крыху раней ішлі кадыраўцы і цудам прайшлі наш дом. Камандзір сказаў, што калі б яны ўвайшлі, нас бы не было. Яны помсцяць за разбітую раней калону і нават не разбіраюцца, каго забіваць. Пашанцавала.

Наступныя тры дні прайшлі ў холадзе, мы сядзелі ў падвале ў жудасным страху і пад гукі абстрэлаў. У дом прывялі людзей, якія беглі з Гостомеля. 15 чалавек. Мы стараліся карміць усіх. Калі б не мой тата, сядзелі б усе галодныя.

10-га па радыё мы пачулі, што з 9 гадзін адкрываецца зялёны калідор, зразумелі, што трэба выбірацца. Запыталіся ў іх, ці можна вывезці дзіця. Яны сказалі, што машынай — не, расстрэл. Вырашылі ісці пешшу. Калыска, белы сцяг, мінімум рэчаў. Аб'язджалі каляскай трупы мірных жыхароў (колькі ж іх там), якія ляжаць ужо не першы дзень, дзіцяці я нічога не тлумачыла, таму што не ведала як.

Амаль у кожным двары расейцы. Раптам гучыць каманда «стаяць!», і мы заміраем з паднятымі рукамі (пазней заўважылі, што дачка таксама падымала ручкі). На двух пастах прапусцілі, на трэцім не пускаюць, разварочваюць назад, кажуць, што калідор адкрыецца з 15:00. Адчай. Вяртаемся, чакаем. Яшчэ адна спроба. Азірацца нельга, толькі наперад. Перад намі вылятае машына з грамадзянскімі, трапляе на міну і падрываецца, ад машыны не засталося амаль нічога, шлях наперадзе замініраваны. Мужчыны наперадзе, я з вазком ззаду. Праз міны, трупы, разбітую тэхніку, потым праз балота мы прабіраемся на волю.

Нарэшце нас сустракаюць нашы воіны і перадаюць хлопцам з МНС, сядаем у аўтобусы і едзем. Прыязджаем на расійскі блокпост і чакаем 4 гадзіны. Навіны дрэнныя. Нас не пускаюць, давядзецца начаваць у аўтобусе проста на дарозе. Пра гэтыя гуманітарныя калідоры на гэтых блокпастах наогул мала хто ведае, і яны іх бесяць.

Тым часам цямнее, над намі пачынаюць лётаць ракеты. Знаходзім падвал, жанчыны і дзеці туды, на вуліцы мінус 10. У падвале прарвала каналізацыю, і ў гэтым смуродзе, жаху і холадзе мы сядзім да раніцы.

Раніцай зноў нашы ваенныя дамаўляюцца, каб нас прапусцілі, і ў гэты раз нам шанцуе. Апошні рывок, варожы блокпост, замірае сэрца, абстраляць могуць у любы момант, і мы заязджаем на кантраляваную нашымі войскамі тэрыторыю.

Пакуль мы ў бяспецы, але псіхіка падарваная, мы змяніліся, ужо нічога не будзе як раней. Мы стараемся нармальна кантактаваць, нават жартаваць патроху, але як толькі заплюшчваеш вочы, адразу бачыш дарогу, поўную трупаў, і як мы заміраем з паднятымі рукамі, чакаючы іх рашэння.

Тое, што мы эвакуяваліся, — гэта шчасце. Але душой і думкамі я з Бучай і з усімі гарадамі-героямі, з людзьмі, якія ў пастках, з дзецьмі, якія наогул не павінны быць уцягнутыя ў вайну.

Кацярына

Я выехала з Бучы на другі дзень. Але там засталіся бацькі і сёстры. Іх трымалі ў палоне 4 сутак. Яны бралі людзей у палон у якасці жывога шчыта. На 6 чалавек рускія далі 1 банку паштэту і 1.5 літра вады. Тата стаяў у шарэнзе на расстрэл. Цудам яго адтуль вывелі, а 10 хлопцаў распранулі і расстралялі.

11 сакавіка маю сям'ю адпусцілі. Яны ішлі па вуліцы, пераступаючы праз трупы мірных жыхароў. У горадзе ўжо месяц не было газу, святла, вады. Наш раён быў акупаваны, і людзей не выпускалі. Тых, хто асмельваўся выйсці на вуліцу, расстрэльвалі.

Бацькі кажуць, што сярод акупантаў былі і расейцы, і бураты, і беларусы. Яны рабуюць хаты, ставяць свае танкі ў дварах. На пытанне, навошта яны прыйшлі, рускі адказваў, што ўкраінцаў вызваляць ад бандэраўцаў, а беларус — што проста выконвае загад. Яны ўсе маладыя — 18-20 гадоў.

Ігар

Я быў у сына ў Бучы, там я і заспеў вайну. Расейскія акупанты прыйшлі да нас 3 сакавіка. Мы схаваліся ў падвале дома. Нам было вельмі страшна, мы не ведалі, што рабіць, проста сядзелі і чакалі. Увечары пачулі, што яны пачалі разбіваць вокны суседняга дома. Мы зразумелі, што яны марадзёры, хацелі нешта скрасці. Усю ноч мы слухалі гэтыя гукі, як яны б'юць вокны і выносяць рэчы з дамоў. Так мы прасядзелі да раніцы. Нам падалося, што яны пайшлі далей па горадзе, і тады ўжо паўстала пытанне, што нам есці, як гатаваць, як наогул жыць. У горадзе не было ні электрычнасці, ні газу.

Рускія зладзілі сабе базу недалёка ад нашага дома, за паўкіламетра. Але людзі павыходзілі з дамоў, сталі гатаваць на вогнішчы ежу.

Потым акупанты прывезлі артылерыю і сталі расстрэльваць Ірпень. Я бачыў гэта на свае вочы, там ёсць новы жылы комплекс, і яго добра відаць з нашага раёна. Туды ляцелі бомбы. Добра, што я не паслухаў сваццю, якая тэлефанавала мне і казала перабірацца ў Ірпень.

Наш раён не так бамбілі. Але снарады ўсё роўна прыляталі. У нас была суседка. Ракета прыляцела ў суседні будынак, і аскепкам ёй адарвала нагу. У яе сына ў той дзень быў дзень нараджэння. Каб яго не палохаць, яна цярпела боль, неяк сама перавязала нагу. Тэлефанавала лекарам, а яны сказалі, што ў раён баявых дзеянняў не паедуць. Яна да раніцы працягнула, а потым памерла ад страты крыві.

Праз чатыры дні пасля гэтага я спытаў у яе сына, што з мамай. Ён сказаў, што мама памерла і ўвесь гэты час ляжыць дома. Мы проста ў агародзе выкапалі магілу і закапалі яе. Мы наогул спрабавалі хаваць па меры магчымасці тых, каго знаходзілі, хто проста ляжаў на дарогах. Кожны дзень забівалі мірных жыхароў. Адчуванне было, што злосць ад таго, што іх тэхніку бамбілі, яны пачалі вымяшчаць на людзях.

У нейкі момант яны пачалі патруляваць вуліцы, заходзіць у дамы, правяраць тэлефоны. У аднаго хлопца знайшлі нейкую фатаграфію, яна ім не спадабалася, і яго застрэлілі.

На другі дзень яны зайшлі ў самы крайні дом на вуліцы, каля якога былі пабудаваныя барыкады. Яны загадалі мужчыну выйсці з дому і спыталі: «У цябе тут барыкады, ты дапамагаў іх будаваць?» І не чакаючы адказу, прыстрэлілі.

Смелыя мясцовыя хлопцы на сваёй машыне развозілі ваду. Акупантам гэта не спадабалася, і іх застрэлілі.

Жанчына гатавала ежу на вуліцы, у двары дома. Убачыла рускіх, спалохалася, пабегла ў пад'езд, зачыніла дзверы, а яны адкрылі агонь па ёй з аўтаматаў — забілі праз дзверы.

Я не ведаю, з кім яны ваююць.