Жыхара Снова арыштавалі на 15 сутак за мурал з «дыджэямі перамен»

Пра затрыманне і пакаранне мужчыны за надпіс «Перамен» і выяву з дыджэямі піша «Вясна».

04.04.2022 / 18:16

На пачатку сакавіка ў Снове супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі мясцовага жыхара, які жыве ў прыватным доме. Міліцыянтам не спадабаўся надпіс «Перамен» чырвоным колерам на белай сцяне гаспадарчай пабудовы, таму на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

На сцяне, акрамя надпіса, быў і вялікі мурал з выявай «дыджэяў перамен» памерам каля двух метраў.

На судзе мужчына сваю віну цалкам прызнаў і патлумачыў, што малюнак на сцяну нанёс яшчэ ў кастрычніку 2020 года ў знак пратэсту. У выніку 7 сакавіка суд прызнаў яго вінаватым і арыштаваў на 15 сутак.

Раней за абарону мурала Плошчы Перамен на 8,5 года пасадзілі мінскага арбарыста Сцяпана Латыпава.

Nashaniva.com