«На закупы» ў Польшчу. Колькі каштуюць шоп-туры і адкуль можна з'ездзіць

У дакавідныя часы шоп-туры ў Польшчу і Літву карысталіся вялікай папулярнасцю сярод беларусаў. Шырокі выбар, зніжкі і магчымасць вяртання ПДВ — усё гэта падштурхоўвала беларусаў рабіць закупы за мяжой, выдаткоўваючы пры гэтым шмат часу і нерваў. Са зняццем абмежаванняў на выезд такая магчымасць аднавілася. «Наша Ніва» пацікавілася, куды можна накіравацца за пакупкамі ўжо цяпер і колькі гэта каштуе.

07.04.2022 / 08:14

Мінск: у Беласток за 80 рублёў

Знайсці ў Мінску фірмы, якія гатовыя завезці вас «на закупы» ў Польшчу ці Літву цяпер складаней, чым, напрыклад, на пачатку сакавіка 2020-га. Шмат перавозчыкаў кажуць, што праца па гэтым кірунку пакуль не адноўленая.

Пры гэтым на некаторых сайтах дагэтуль застаецца інфармацыя са старымі цэнамі ў 30-40 рублёў. Натуральна, што за гэтыя грошы ў вас не атрымаецца з’ездзіць за пакупкамі ў Беласток. Таму падчас пошуку шоп-тураў варта ўдакладняць інфармацыю па тэлефоне, бо, як паказала практыка, інфармацыя на сайтах перавозчыкаў даволі часта не адпавядае рэальнасці. 

Есць шоп-туры ў Беласток на аўтобусе за 80 рублёў. 

Выезды па аўторках і пятніцах. У фірме падкрэслілі, што нават падчас існавання кавідных абмежаванняў яны працягвалі аказваць гэтыя паслугі. 

Шоп-туры ў Вільню з Мінска пакуль недаступныя.

Гродна: ёсць розныя варыянты

Шоп-туры ў Польшчу традыцыйна карысталіся вялікім попытам у жыхароў Гродна. Сярод мясцовых нават хадзілі жарты, што сустрэць знаёмых у беластоцкім «Ашане» прасцей, чым у мясцовай краме.

У дакавідныя часы з абласнога цэнтра можна было штодзённа паехаць у шоп-тур у Беласток, Сакулку ці Вільню. Апошняя карысталася значна меньшым попытам, але прапаноў і жадаючых усе адно хапала. 

Вялікая канкурэнцыя на рынку вымушала перавозчыкаў ладзіць акцыі і рабіць шостую ці дзясятую паездку бясплатнай. 

Але ўведзеныя краінамі ЕС каранавірусныя абмежаванні фактычна паставілі крыж на гэтым бізнэсе. 

Цана паездкі па маршруце Гродна — Беласток з наведваннем гандлёвых кропак раней складала ўсяго 15-20 рублёў (каля 7-9 даляраў па тагачасным курсе).

Інфармацыю з падобнымі цэнамі можна і дагэтуль знайсці на сайтах некаторых кампаній, якія раней аказвалі гэтыя паслугі, але працу не аднавілі.

Як высветлілася, знайсці перавозчыкаў, якія гатовыя завезці ў шоп-тур у Беласток, няпроста. Большасць фірм, у якія мы датэлефанаваліся, пакуль такую паслугу не аказваюць. Частка перавозчыкаў за два гады існавання абмежаванняў увогуле сышла з бізнэсу. Але мы адшукалі прынамсі адну фірму, якая займаецца шоп-турамі ў Беласток.

Цана паездкі — 100 рублеў (каля $34) з чалавека. Найбліжэйшы выезд у суботу. У аўтобусе заставалася толькі адно месца. 

У праграму ўваходзіць наведванне рынка, гіпермаркета «Ашан» і «Галерыі Бялай». Пасажыраў збіраюць па горадзе, а па вяртанні развозяць па дамах. 

Ці будуць дадатковыя рэйсы па суботах і калі варта чакаць вяртання маршрутак у будныя дні, перавозчык пакуль не ведае. Кажа, што ўсё будзе залежаць ад попыту. 

У іншай фірме нам распавялі, што шоп-тураў у іх праграме няма, але за 90 рублеў (каля 30 даляраў) можна набыць квіткі ў два бакі. Пры гэтым не абавязкова выязджаць і вяртацца адным і тым жа транспартам. Час адпраўкі з Гродна і Беластока можна выбіраць самастойна. Але і ездзіць па крамах таксама давядзецца самому. 

Пры замове квіткоў праз сайт два квіткі будуць каштаваць крыху танней — 112 злотых (каля $27).

Шоп-тураў з Гродна ў Вільню мы не знайшлі. Перавозчыкі прапанавалі проста набываць квіткі на рэгулярныя рэйсы. У любым выпадку, калі казаць пра Літву, то трэба мець на ўвазе, што ў адрозненне ад палякаў, літоўцы патрабуць ПЛР-тэст або сертыфікат вакцынаціі адной з прызнаных ЕС вакцын. Прышчэпкі, зробленыя ў Беларусі, не падыходзяць.

А што наконт рэйсаў з Брэста?

Як высветлілася, з’ездзіць закупіцца ў Варшаву ці Беласток з Брэста таксама няпроста. Фірмы, якія раней аказвалі такія паслугі, кажуць, што пакуль у шоп-туры не ездзяць. Прапаноўваюць набывать квіткі на рэйсавыя маршруткі да Цярэспаля або Варшавы. Частка былых перевозчыкаў таксама спыніла дзейнасць. 

Агулам сітуацыя ўказвае на тое, што, нават нягледзячы на поўную адсутнасць абмежаванняў і дадатковых патрабаванняў, прынамсі ў выпадку з Польшчай, культура паездак за пакупкамі пакуль не вярнулася. 

Дырэктар адной з фірмаў, якая працуе ў галіне, звязвае гэта з тым, што за гэты перыяд у большасці з тых, хто хацеў бы паехаць закупіцца, банальна няма дзейнай візы.

«Рыэлтары хорам кажуць, што народ пакуль у ступары». Што адбываецца на рынку нерухомасці

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Nashaniva.com