На найбуйнейшай у Еўропе птушкафабрыцы загінулі 4 мільёны курэй

На Чарнабаеўскай птушкафабрыцы ў украінскай Херсонскай вобласці загінулі больш за чатыры мільёны курэй. Адбылося гэта пасля таго, як расійскія вайскоўцы вывелі са строю мясцовую электрастанцыю, паведамляе газета The Wall Street Journal.

10.04.2022 / 16:45

Праз адсутнасць электрычнасці перастала працаваць аўтаматызаваная сістэма кармлення птушак, што і стала прычынай іх гібелі.

Чарнабаеўская птушкафабрыка — найбуйнейшая ў Еўропе. Яна знаходзіцца на тэрыторыі, якую акупавалі расійскія войскі яшчэ 26 лютага.

Рабочыя спрабавалі наладзіць дастаўку корму нягледзячы ні на што, але машыны з грузам траплялі пад расійскія абстрэлы. Тады дзеля бяспекі людзей пастаўкі мусілі ўвогуле спыніць.

На фабрыцы прынялі рашэнне раздаць астатнія 1,45 мільёна яек і 90 тысяч курэй супрацоўнікам прадпрыемства і суседнім фермам.

Раней паведамлялася, што расійскія войскі з моманту паўнамаштабнага ўварвання на тэрыторыю Украіны знішчылі не менш за шэсць збожжасховішчаў.

Nashaniva.com