Папа Рымскі Францішак заклікаў спыніць вайну ва Украіне да каталіцкага Вялікадня

«Прыбярыце зброю, няхай пачнецца велікоднае перамір'е», — сказаў пантыфік у звароце да вернікаў з нагоды Пальмавай (Вербнай) нядзелі, што адзначае сёння Рымска-каталіцкая царква.

10.04.2022 / 18:47

«Але не для таго, каб перазарадзіць узбраенні і зноў змагацца, не. Перамір'е, каб прыйсці да міру праз сапраўдныя перагаворы, будучы гатовымі таксама да некаторых ахвяр на карысць людзей», — сказаў Папа Францішак.

«Для Бога няма нічога немагчымага, нават спыніць вайну, канца якой не відаць, — вайну, праз якую кожны дзень у нас перад вачыма жахлівыя масавыя забойствы і зверскія жорсткасці супраць безабаронных цывільных асобаў», — дадаў пантыфік.

Раней Францішак ужо неаднаразова заклікаў спыніць вайну, а ў пачатку красавіка раскрытыкаваў «замкнёнага ў анахранічных дамаганнях нацыяналістычных інтарэсаў» чалавека, які распаліў канфлікт ва Украіне. Канкрэтна называць імя Пуціна ён, праўда, тады не стаў.

Раней кіраўнік Каталіцкай царквы выказваў гатоўнасць прыехаць ва Украіну.

Nashaniva.com