The Guardian: Расія выкарыстоўвае кантрабандную зброю з Ірака ў вайне з Украінай

Боепрыпасы і ваенную тэхніку з Ірака Расія атрымлівае з дапамогай іранскіх сетак кантрабанды зброі.

12.04.2022 / 10:06

Bavar 373

Пра гэта The Guardian распавялі іракскія групоўкі, а таксама крыніцы ў рэгіянальнай разведцы. Гаворка ідзе аб процітанкавых ракетах, рэактыўных сістэмах залпавага агню і рэактыўных гранатах.

Па словах суразмоўцы выдання, Маскве «падарылі» ракетны комплекс Bavar 373 іранскай вытворчасці, падобны на расійскі С-300. Іран таксама «вярнуў» Расіі зенітны комплекс С-300.

РСГ і супрацьтанкавыя ракеты, якімі валодала групоўка Хашд аш-Шаабі, 26 сакавіка даставілі з Ірака ў Іран праз памежны пераход Саламджа.

Па словах камандзіра аддзялення паліцыі, якое кантралюе пераправу, там зброю атрымалі іранскія вайскоўцы і даставілі ў Расію па Каспійскім моры да Астрахані.

«Нам усё роўна, куды пойдзе цяжкае ўзбраенне [таму што ў гэты момант яно нам не патрэбнае]. Усё, што накіравана супраць ЗША, робіць нас шчаслівымі», — сказала адна з крыніц у «Хашд аш-Шаабі».

Nashaniva.com