У Ваўкавыскім раёне з аўкцыёну прадаюцца аб'екты былога вайсковага аэрадрома

У пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна з аўкцыёну прадаецца ваенны аэрадром і спадарожныя спецыялізаваныя пабудовы, якія ўваходзяць у структуру былога ваеннага гарадка, адпаведны лот размешчаны на сайце Дзяржкамітэта па маёмасці, паведамляе reform.by.

13.04.2022 / 17:13

Аб'ект знаходзіцца на балансе Ваўкавыскай камунальнай гаспадаркі. Будынкі закансерваваныя, аднак у іх захавалося ацяпленне, водазабеспячэнне, электразабеспячэнне, працуе каналізацыя. У комплекс пабудоў, выстаўленых на продаж, уваходзіць камандна-дыспетчарскі пункт, будынак вышыннага рыштунку, домік дзяжурнага і іншыя аб'екты.

Новы ўласнік зможа размясціць у будынках былога ваеннага гарадка навукова-даследчыя ўстановы або іншыя аб'екты адукацыі, прадпрыемствы малога бізнэсу, моладзевы лагер, турыстычны цэнтр.

Аўкцыён прызначаны на 21 красавіка, пачатковы кошт лота — 157,9 тысячы рублёў.

Nashaniva.com