У Крамлі назвалі першачарговую задачу «спецаперацыі» ва Украіне

Галоўнай задачай расійскіх узброеных сіл, якія праводзяць спецаперацыю ва Украіне, з'яўляецца знішчэнне «нацыяналістычных батальёнаў», і гэта будзе выканана.

15.04.2022 / 13:48

Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

«Галоўнае — гэта вызваляць ўсё-такі [тэрыторыю Украіны] ад гэтых нацыяналістычных батальёнаў. Аперацыя працягваецца, і задачы, якія стаяць, добра вядомыя. Яны павінны быць выкананыя і будуць выкананыя. Ніякіх сумневаў быць не павінна», — сказаў Пяскоў.

Ён адзначыў, што ў тых раёнах, дзе мірных жыхароў не бяруць у закладнікі і пры абстрэлах не пакутуюць сацыяльныя аб'екты і дамы, — там «наладжваецца мірнае жыццё».

«А ў тых месцах, дзе нацыяналістычныя батальёны займаюцца тым, што я ўжо сказаў, там адбываецца жорсткая барацьба і там яны ўсе падлягаюць знішчэнню», — дадаў прадстаўнік Крамля.

Nashaniva.com