Куды падзелася буйная харчовая соль?

Беларусь ужо некалькі месяцаў жыве без буйной харчовай солі. Раней гэты прадукт імпартавала ўкраінскае прадпрыемства «Артэмсоль», якое размешчана ў горадзе Соледар Данецкай вобласці Украіны, у самой гушчы вайны. Але калі страляюць гарматы, не да солі, піша газета «Белорусы и рынок».

16.04.2022 / 07:49

Сустаршыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў кажа, што гандаль прадае буйную харчовую соль беларускай вытворчасці, якая не горшая за ўкраінскую. Праўда, толькі на вагу.

«Буйную харчовую соль пастаўляла прадпрыемства «Артэмсоль» з Украіны. Беларускую дробную соль гандаль трымаў у сябе як эксклюзіў, а народ на закаткі браў буйную.

Зразумелая рэч, што з Украіны ўжо некалькі месяцаў паставак няма. Пытанне ў іншым: буйная харчовая соль у Беларусі ёсць, прычым беларускай вытворчасці. Яна вырабляецца, але чамусьці не наладжаная яе фасоўка: ці то аб'ёмы маленькія, ці то яшчэ што.

Мы цяпер гандлюем на вагу соллю салігорскай вытворчасці буйнога памолу, якая зусім не горшая за ўкраінскую. Украінская соль, шчыра кажучы, і бруднаватая была — з чарнінкай, а наша чысцейшая і ацэньваюць яе высока.

Але чамусьці беларускую соль дробнага памолу фасуюць, а буйнога не. І гэта загадка», — гаворыць Маргелаў.

На Данбасе цяпер ідуць баі, ніхто не ведае, застанецца там завод ці будзе знішчаны. А Беларусь, на думку Маргелава, у стане забяспечыць сябе ўласнай буйной харчовай соллю належнай якасці, важна толькі правільна паставіць справу.

Кандыдат эканамічных навук Пятро Мігурскі лічыць, што Беларусь, хутчэй за ўсё, імпартавала буйную соль. На самай справе ў продажы соль цяпер ёсць — дробная, ёдаваная. А буйная, па словах гандляроў, паступіць у продаж да закатачнага сезону.

Аказалася, што ў выніку вайны мы аказаліся не ў стане забяспечыць насельніцтва Беларусі буйной соллю. Але, упэўнены Мігурскі, як прыйдзе час саліць агуркі, то праблему неяк вырашаць — не дзяржава, дык прыватнікі.

У Беларусі вытворчасць солі цяпер сканцэнтраваная ў руках ААТ «Мазырсоль» і ААТ «Беларуськалій». Яны практычна закрываюць патрэбы ўнутранага рынку: «Мазырсоль» вырабляе 70,5%, «Беларуськалій « — 23%, і толькі 6,5% прыпадае на імпарт.

Беларусь жа частку сваёй солі актыўна пастаўляла і на экспарт: за 2015—2019 гады экспарт харчовай солі з Беларусі павялічыўся на 35%.

Чытайце таксама: 

З Беларусі забаранілі вывозіць муку, крупы, алей, цукар і соль

Якія тавары знікнуць ці істотна падаражэюць з-за санкцый?

Лукашэнка заявіў, што літоўцы скупляюць нашы прадукты і паліва. А як насамрэч?

Мікалай Снапкоў загаварыў пра запалкі і соль: Забяспечанасць сеткі гэтымі таварамі — ад 12 да 46 дзён

Nashaniva.com