Украіна абвінавачвае Расію ў крадзяжы сотняў тысяч тон збожжа

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Украіны Тарас Высоцкі сказаў у тэлеэфіры, што расіяне, магчыма, вывезлі вялікую частку з паўтара мільёна тонаў збожжа, якое захоўвалася на акупаваных імі тэрыторыях, піша Бі-бі-сі.

30.04.2022 / 22:49

Фота ілюстрацыйнае

Гэта не першае такое абвінавачанне на адрас Расіі. У чацвер яе ў крадзяжы збожжа абвінаваціла Міністэрства замежных спраў Украіны.

Акрамя таго, міністр сельскай гаспадаркі Мікалай Сольскі заявіў, што тэмпы гэтай экспрапрыяцыі ўзраслі за апошнія два тыдні. «Я асабіста чую пра гэта ад многіх уладальнікаў элеватараў на акупаваных тэрыторыях. Гэта непрыхаванае рабаванне, і яно адбываецца ўсюды на акупаваных тэрыторыях», — перадала прэс-служба міністэрства словы Сольскага.

У той жа час у чацвер з румынскай Канстанцы выйшла судна з 71 тыс. тонаў украінскай кукурузы. Гэта першая экспартная партыя ўкраінскага збожжа пасля пачатку вайны. Расія захапіла ўкраінскія парты на Азоўскім моры і блакуе чарнаморскія парты. У гэтай сітуацыі дапамагчы суседзям вырашылі румыны.

Nashaniva.com