Зяленскі: Мы не пойдзем на замарозку канфлікту

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перакананы, што перамовы, рэжым спынення агню магчымыя толькі тады, калі расійскія вярхі ўлады будуць зацікаўлены ў дасягненні дыпламатычных дамоўленасцей. Пра гэта ён распавёў падчас інтэрвʼю для амерыканскага выдання Wall Street Journal, піша «Украінская праўда».

04.05.2022 / 00:09

«Калі мы гаворым пра спыненне агню, то мы павінны бачыць жаданне дасягнуць спынення агню з боку Расійскай Федэрацыі», ‒ сказаў Зяленскі.

Паводле яго, нягледзячы на дамоўленасці аб спыненні агню ў Марыупалі, расійскія войскі ўсё роўна здзяйсняюць абстрэлы, бамбардзіроўкі.

Спыненне агню, сказаў Зяленскі, стане магчымым тады, калі будзе дыялог і размова лідараў дзвюх краін.

«Калі ў нас будзе сустрэча з прэзідэнтам Пуціным, тады будзе рэжым спынення агню. Тады мы з ім магчыма дамовімся асабіста, што мы павінны браць асабіста абавязкі па спыненні агню, пажадана публічныя. Тады мы зможам верыць у гэта. Але рэжым спынення агню не значыць, што расійскія войскі застануцца там, дзе яны зараз стаяць ‒ і там будзе такі замарожаны канфлікт. Мы не пойдзем на замарозку…», ‒ сказаў ён.

Зяленскі распавёў пра працу перагаворшчыкаў наконт будучых дамовах паміж краінамі. «Магу сказаць шчыра: я ў такія дамоўленасці не вельмі веру. Лічу, што важна гаварыць, але пакуль асабіста прэзідэнт РФ не паставіць свой подпіс ці не скажа штосьці асабіста, я не бачу каштоўнасці ў такіх дамоўленасцях», ‒ сказаў Зяленскі.

Таксама прэзідэнт Украіны распавёў, што не пагодзіцца з тым, што расійскія войскі будуць знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Сама меней, дамоўленасці павінны быць па адводзе войскаў на тыя пазіцыі, якія існавалі па стане на 23 лютага 2022 года і вярнуць Крым. 

Таксама ён сказаў, што Расія павінна выплаціць Украіне рэпарацыі.

Nashaniva.com