Адзіную форму для настаўнікаў уводзіць не будуць

26.08.2009 / 22:32

Міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў не лічыць неабходным уводзіць у Беларусі адзіную форму для настаўнікаў. Пра гэта ён паведаміў 26 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Нагадаем, ідэю ўвесці адзіную форму для педагагічных работнікаў нядаўна выказаў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч.

Міністр адукацыі не падзяляе меркаванне аб неабходнасці формы. «Гэта было калісьці ў царскай Расіі, — адзначыў Радзькоў. — Але мы да гэтага не гатовы, і наўрад ці гэта трэба». Паводле яго слоў, сёння Мінадукацыі патрабуе ад педагагічных работнікаў, каб яны апраналіся ў строгім стылі.