Расійскія войскі акупуюць 60% тэрыторыі Запарожскай вобласці

Пра сітуацыю у рэгіёне расказаў кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Старух падчас візіту Зяленскага, піша прэс-служба прэзідэнта Украіны. Зяленскі пабываў у тым ліку на перадавой.

05.06.2022 / 23:31

Фота: тг-канал Зяленскага

Па словах Старуха, амаль 60% тэрыторыі рэгіёну часова акупавалі расійскія войскі, на частцы тэрыторыі працягваюцца баі. 77 населеных пунктаў Запарожскай вобласці абясточаныя. 

На Запарожжы створаны гуманітарныя хабы для прыёму жыхароў часова акупаваных тэрыторый і населеных пунктаў, дзе працягваюцца баявыя дзеянні.

«Апошнія 15 дзён найбольшая колькасць людзей прыязджае з Херсонскай вобласці. Таксама прыбываюць з Марыупаля», — сказаў Старух.

Фота: тг-канал Зяленскага

Зяленскі даручыў кіраўніцтву Запарожскай вобласці аказаць усю неабходную дапамогу асобам, перамешчаным з часова акупаваных тэрыторый.

«Трэба засяродзіцца на тым, каб вырашыць іх бытавыя праблемы, забяспечыць перасяленцаў жыллём. Таксама трэба паклапаціцца аб працаўладкаванні гэтых людзей. Упэўнены, што сярод іх ёсць кваліфікаваныя спецыялісты», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Nashaniva.com