Што такое тэйглах і як яго гатуюць? Сямейны рэцэпт на выхадныя

Гэты традыцыйны яўрэйскі ласунак, шарыкі ў мёдзе, раней шмат хто гатаваў дома. Гэта страва вартая таго, каб яе асвоіць!

18.06.2022 / 08:13

Жыхарка Віцебска Ала Усвятцава падзялілася фота сямейнага рэцэпта. Мы яго перапісалі. 

Цеста:

5 яек, 1 сталовая лыжка гарэлкі, 1 сталовая лыжка алею, 3—3,5 шклянкі мукі, у залежнасці ад велічыні яек.

Вымесіць цеста, раскачаць каўбаскі, разрэзаць на кавалачкі і скруціць невялікія шарыкі. 30—40 хвілін патрымаць іх на стале.

150 грамаў штучнага мёду, 2 шклянкі цукру, 3 шклянкі вады давесці да кіпення, апусціць туды шарыкі, змяшаць і варыць 15 хвілін на невялікім агні пры закрытым вечку, каб не выходзіла пара.

Потым адкрыць вечка, варыць памешваючы, пакуль не выпарыцца ўся вадкасць і шарыкі не стануць карычневымі.

Затым выкласці на змочаную вадой дошку, разраўнаваць мокрай рукой, даць астыць, нарэзаць на кавалачкі. Можна пасыпаць арэхамі, цукровай пудрай, макам — каму як даспадобы.

Nashaniva.com