Крымінальную справу баранавіцкага журналіста, які сфатаграфаваў расійскую тэхніку, перадалі ў суд 

Баранавіцкага журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Яго справу перадалі ў Брэсцкі абласны суд, паведамляе БАЖ.

24.06.2022 / 09:56

Фота: БАЖ

Юрыя Ганцарэвіча затрымалі ў маі гэтага года з-за таго, што ён сфатаграфаваў расійскую вайсковую тэхніку і даслаў здымкі ў незалежнае медыя. Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя медыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», то журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічанні такому фармаванню.

Праваабаронцамі Юрый быў прызнаны палітзняволеным.

Да гэтага часу спадар Ганцарэвіч знаходзіўся ў СІЗА № 6 у Баранавічах. Цяпер яго крымінальную справу перадалі ў Брэсцкі абласны суд. Дата суда пакуль невядомая, як і горад, у якім будзе праходзіць працэс.

Юрыю Ганцарэвічу 23 гады, родам ён з Мікашэвічаў. Раней супрацоўнічаў з інтэрнэт-выданнямі ў Лунінцы і Брэсце. Апошнім часам Юрый працаваў для баранавіцкага незалежнага выдання Intex-press, дзе ў асноўным выконваў абавязкі фатографа.

Nashaniva.com